In

Слоў родных кветачкі жывыя

20 лютага ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна цікавага паведамлення “Роднай мовы ветлівыя словы”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.

Бібліятэкар расказала пра традыцыі шанавання роднай мовы ў розных народаў, а падрыхтаваная кніжная выстаўка прадставіла выданні па гісторыі беларускай мовы, мовазнаўству, літаратурныя хрэстаматыі. Упрыгожыла гэты збор рэпрынтнае выданне кнігі Цёткі (Алаізы Пашкевіч) “Першае чытанне для дзетак беларусаў” 1906 года.

Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікола Яцкоў прадставіў магілёўскі літаратурны альманах “Брама”, распавёў аб шляхах да роднай мовы і прачытаў свае вершы. Таксама свае вершы і пераклады на беларускую мову прачытала Ала Яцкова.

Удзельнікі сустрэчы А.Куляшова, А.Дубавая, А.Кавалёва, А.Шыпіцын і З.Пятрова чыталі вершы пра родную мову, свае любімыя вершы беларускіх паэтаў, разгадвалі загадкі і прынялі актыўны ўдзел у літаратурнай віктарыне “Слоў родных кветачкі жывыя”.

З 19 па 22 лютага ў Дашкаўскай сельскай бібліятэцы дарослыя і дзеці прынялі ўдзел у акцыі “Гавары са мной па-беларуску!”. Удзельнікі перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, устаўлялі прапушчаныя словы ў беларускіх прыказках, чыталі вершы на роднай мове.

Для вучняў ДУА “Дашкаўская СШ” бібліятэкар М.М.Маркава і настаўнік беларускай мовы, літаратуры Т.Г.Хадановіч правялі літаратурна-музычную кампазіцыю “Роднай мовы пералівы”. Вядучыя мерапрыемства распавялі прысутным аб гісторыі і сённяшнім стане роднай мовы, яе важнай ролі для беларускага народа. Удзельнікі адгадвалі беларускія загадкі, спаборнічалі ў конкурсах “Лепшы знаўца казак”, “Лепшы знаўца прыказак і прамавак”, чыталі вершы беларускіх аўтараў. Бібліятэкар прадставіла кніжную выставу “Роднай мове гучаць!”, на якой лепшыя кнігі на беларускай мове і аб родным слове.

21 лютага ў Махаўскай сельскай бібліятэцы вучні 11 класа ДУА “Махаўскі НПК ДС-СШ” спаборнічалі ў веданні беларускай мовы. За інтэлектуальнай гульнёй “Размаўляем па-беларуску” сачыў эксперт, настаўнік беларускай мовы і літаратуры А.В.Тарасаў. Вучні двух каманд “Зорачкі і “Беларусы” спаборнічалі ў 5 этапах: “Прыгадаем”, “Перакладаем”, “Тлумачым”, “Ужываем”, “Цытуем”. Удзельнікі актыўна разгадвалі слайд-пытанні, прыгадвалі прадметы і назвы іх на беларускай мове, перакладалі сказы з рускай на беларускую мову, тлумачылі сэнс слоў, вучыліся правільна ўжываць фразеалагізмы, вызначалі аўтараў вершаў, цытавалі творы беларускіх паэтаў. Перамагла каманда “Зорачкі”, але ўсе прысутныя выказалі надзею, што наша прыгожая, мілагучная беларуская мова будзе жыць вечна!

Вам может также понравиться...

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *