“Жыццё пражыць – нібыта скласці песню…”

22 мая ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурна-музычная сустрэча “Жыццё пражыць – нібыта скласці песню…”, прысвечаная 60-годдзю з дня нараджэння паэта і кампазітара-песенніка, дырэктара Брылёўскага сельскага Дома культуры Мікалая Яцкова.

Бібліятэкар расказала пра жыццёвы шлях і творчыя набыткі Мікалая Адамавіча, уся дзейнасць якога належыць роднаму Прыдняпроўскаму краю. Асветнік, паэт, перакладчык, кампазітар, грамадскі дзеяч – гэта тыя накірункі, якія вызначаюць жыццёвае крэда юбіляра. А вёска Брылі заўсёды будуць побач з прозвішчам Яцкова, бо менавіта на тутэйшай урадлівай глебе закаласілася ягоная творчая ніва.

Кніжная выстава прадставіла кнігі, часопісы, зборнікі песен, аўдыёдыскі з творамі М.Яцкова, а некаторыя з вершаў прагучалі ў выкананні А.Куляшовай, А.Івановай, А.Дубавой, Л.Поршневай, З.Пятровай і А.Кавалёвай.

Перад прысутнымі выступіў і сам Мікалай Яцкоў, які расказаў аб памятных сустрэчах і сяброўстве з вядомымі людзьмі, аб асаблівасцях творчага працэсу і аб тым, як трэба любіць і шанаваць нашу родную беларускую мову. І заўжды памятаць адкуль мы родам і хто нашы продкі.

Некалькі песен юбіляра на вершы беларускіх паэтаў прагучалі ў выкананні аўтара і Алы Яцковай. А вядомую “Песню бярыце з сабою” на верш Ніла Гілевіча дружна падхапілі ўсе прысутныя.

Завяршылася сустрэча аўтограф-сесіяй – усе ўдзельнікі імпрэзы атрымалі ад Мікалая Яцкова кнігі з аўтарскімі пажаданнямі.

Читайте также:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *