15 верасня ў Брылеўскай сельскай бібліятэцы адбылася літаратурная гадзіна “Аўтар іскрамётнага рамана”, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння пісьменніка Андрэя Мрыя (Андрэя Антонавіча Шашалевіча).
Бібліятэкар распавяла пра жыццё і творчасць пісьменніка, які нарадзіўся ў в.Палуж цяперашняга Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці, вучыўся ў Магілёўскай семінарыі, быў удзельнікам 1-й Сусветнай вайны, а пасля рэвалюцыі 1917 г. пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Быў актыўным удзельнікам літаратурнага аб’яднання “Узвышша”, друкаваў свае творы ў розных перыядычных выданнях. Творы А.Мрыя, самым вядомым з якіх з’явіўся раман “Запіскі Самсона Самасуя”, вызначаліся сатырычным характарам і крытычным поглядам на савецкую речаіснасць. Менавіта за гэта ў 1934 г. пісьменніка арыштавалі, асудзілі як “члена антысавецкай кантррэвалюцыйнай арганізацыі” і выслалі далёка на поўнач, дзе ён і памер у 1943 г.
Удзельнікі сустрэчы азнаёміліся з кніжнай выставай “Пад псеўданімама Мрый А.”, дзе можна ўбачыць часопісы “Полымя” за 1988 г. з публікацыяй рамана “Запіскі Самсона Самасуя”. На выставе таксама прадстаўлены кнігі беларускіх пісьменнікаў Ц. Гартнага, У.Жылкі, М.Багуна, М.Гарэцкага, М.Зарэцкага і У.Хадыкі, якія раздзялілі лёс А.Мрыя і загінулі ў зняволенні далека ад радзімы.
Менавіта пра гэтыя змрочныя старонкі гісторыі беларускай літаратуры прысутным расказаў дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры Мікалай Яцкоў. Ён адзначыў, што і родны брат Андрэя Васіль Шашалевіч, вядомы беларускі драматург, быў асуджаны і трагічна загінуў у ГУЛАГу.
А каб адчуць характэрныя асаблівасці мовы, іскрамётнасць і фактурнасць прозы Андрэя Мрыя, прагучалі некаторыя з яго апавяданняў у выкананні чытачоў бібліятэкі Зінаіды Пятровай, Аліны Куляшовай, Аляксея Сіманькова, Валерыі Рэуцкай, Аліны Кавалевай, Мікіты Ермалаева і Максіма Саўчанка.