І слова гучала, чароўнае слова…

18 лютага ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна цікавага паведамлення “Роднай мовы пералівы”. Бібліятэкар Юлія Яцкова прапанавала пытанні мовазнаўчай віктарыны, на якія з задавальненнем адказвалі ўсе прысутныя. Потым было знаёмства з кніжнай выставай, якую ўпрыгожыла факсімільнае выданне кнігі 1906 г. “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Вершы, казкі і прыпеўкі з гэтай кніжкі прагучалі ў выкананні З.Марозава, А.Кавалёвай, А.Шыпіцына і У.Сідарава.

Свае асабістыя вершы прачыталі Аляксандра Іванова, Ала Яцкова і Мікалай Яцкоў.

Завяршылася сустрэча праглядам і абмеркаваннем відэафільма пра родную беларускую мову, якую трэба ведаць і шанаваць.

19 лютага ў Вейнянскай сельскай бібліятэцы пад дэвізам “І слова гучала, чароўнае слова…” адзначыўся дзень роднай мовы. На ўрок знаўцаў роднай мовы бібліятэкар запрасіла выхаванцаў дзіцячага садка аграгарадка Вейна.

Увазе хлопчыкаў і дзяўчынак была прадстаўлена кніжная выстава “Дзень добры, кніжка беларуская!”, на якой змяшчаліся беларускія казкі. Бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з кнігамі, дапамагла ім акунуцца ў дзіўны свет казачных скарбаў, героі якіх, гэта прыклад дабрыні, спагадлівасці  і ўзаемадапамогі.

З цікавасцю выхаванцы прынялі ўдзел у конкурсе “Скажы па-беларуску”, збіралі пазлы казачных герояў і актыўна разгадавалі загадкі пра жывёл і птушак. І напрыканцы мерапрыемства  паслухалі  9 запаведзяў пра родную мову.

21 лютага ў Махаўскай сельскай бібліятэцы для дзяцей дзіцячага садка было праведзена краязнаўчае падарожжа “Па старонках роднай мовы з Лявонам і Лявоніхай”. Падчас мерапрыемства супрацоўнікі Махаўскай бібліятэкі і Махаўскага КСЦ прапанавалі прысутным размаўляць на беларускай мове.

Бібліятэкар, у ролі Лявоніхі, прапанавала дзецям адправіцца ў падарожжа па старонках роднай мовы на “цягнічку”. Маленькія ўдзельнікі пазнаёміліся з ветлівымі словамі, з прымаўкамі і прыказкамі, пацешкамі і загадкамі, спявалі беларускія песні, калыханкі, танцавалі “Польку беларускую”. На прыпынку “Беларуская гульня” удзельнічалі ў беларускіх гульнях: “Гладышыкі”, “У ката”, “Жыта”, “Слуцкія паясы”. Прыпынак “Павучальны” пазнаёміў з дзядзькам Лявонам (ролю выконвала мастацкі кіраўнік Н.Г.Казачэнка), які расказаў дзецям пра першага беларускага друкара Францішка Скарыну. Маленькія ўдзельнікі прачыталі Лявону вершы на беларускай мове.

У заключнай частцы меропрыемства бібліятэкар падвяла вынікі і прачытала верш Валянціны Павядайла “Давайце размаўляць па-беларуску”.

21 лютага ў Рэчкаўскай сельскай бібліятэцы адбылася акцыя “Мода на мову: чытаем, размаўляем і пішам па-беларуску”. У гэты дзень карыстальнікі і бібліятэкар вялі размову на беларускай мове, Прысутныя чыталі вершы беларускіх паэтаў: У.Ліпскага, Г.Бураўкіна, Л.Галубовіча, С.Басуматравай, Я.Янішчыц і інш.

Дарослыя, моладзь і дзеці актыўна запісвалі свае асабовыя пачуцці і эмоцыі гэтага дня на беларускай мове, якія будуць прачытаны на наступны год. Гэты дзень паказаў, што чытаць, размаўляць і пісаць па-беларуску здольны кожны.

21 лютага бібліятэкар Дашкаўскай сельскай бібліятэкі ў ДУА «Дашкаўская СШ» для навучэнцаў 5 – 9-х класаў правяла літаратурную гадзіну “Роднай мовы роднае карэнне”. Прысутныя даведаліся аб гісторыі Дня роднай мовы, аб велічы і разнастайнасці розных моў свету. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава “Родная мова – крыніца празрыстая”.

Дзве каманды “Сонейка” і “Вясёлка” удзельнічалі ў конкурсах: “Далей-Далей”, “Нячаканыя пераўтварэнні”, “Назаві адным словам”, “Перакладчык”, “Рассыпаныя прыказкі”, у якіх навучэнцы ўспаміналі  прыказкі і прымаўкі, складалі словы з пэўных літар і адгадвалі загадкі. З невялікім адрывам перамагла каманда “Сонейка”.

21 лютага бібліятэкар Махаўскай сельскай бібліятэкі і культработнікі Махаўскага КСЦ запрасілі ўсіх жадаючых прыняць удзел у флэшбуку “Хвілінка для чытання роднай мовы”.

Бібліятэкар упэўнена, што ведаць сваю мову важна, што толькі яна робіць нас унікальнымі, дае свой знак адрознення перад іншымі краінамі. Менавіта з гэтай мэтай удзельнікі мерапрыемства адправіліся на вуліцы аграгарадка Махава, каб нагадаць жыхарам, што беларускаму народу ёсць чым ганарыцца.

У Флэшбуку ўдзельнічалі ўсе службы аграгарадка Махава, навучэнцы і выхаванцы ДУА “Махаўскі НПК ДС-СШ”, пенсіянеры і тыя, хто ў гэты дзень завітаў у бібліятэку.

У выкананні удзельнікаў мерапрыемства прагучалі вершы У.Дубоўкі “Родная мова, цудоўная мова”, Р.Барадуліна “Беларускае слова”, А.Бачылы  “Матчына мова”, М.Танка “Родная мова”, Л.Геніюш “Мова мая” і інш. Вельмі прыемна было чуць з вуснаў кожнага жывое беларускае слова.

Для маленькіх чытачоў у бібліятэцы працавала кніжная выстава “Мая родная мова – беларуская”.

Читайте также:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *