In

Вільчыцы

Вільчыцы (Вильчицы)

У аснове назвы – тэрмін «Вілы», раздваенне дарог, развілкі, а вільчыцы – жыхары на развілцы дарог.

Культурную спадчыну мінулых пакаленняў свята берагуць і прымнажаюць супрацоўнікі Усходаўскай бібліятэкі Магілёўскага раёна і Дома культуры аграгарадка “Усход”. Па крупінках збіраюць яны ў старажылаў народныя песні, легенды, паданні, запісваюць іх і беражліва захоўваюць для будучых пакаленняў.

З асаблівай павагай, цеплынёй і пяшчотай расказваюць культработнікі легенду аб вёсцы Вільчыцы.

…Па дрымучым лесе даўным-даўно працякала тут невялічкая, але вельмі звілістая рачулка, якую так і назвалі – Вільчанка. Сяліліся ж нашы продкі, як правіла, па берагах рэчак, каб рыбкі павудзіць зручней было ды на паляванне схадзіць у лясны гушчар. Лоўля рыбы і паляванне тады было асноўнымі заняткамі, якія давалі магчымасць да існавання. Ад назвы рачулкі і вёску Вільчыцамі назвалі, а яё насельнікаў – вільчакамі.

Аднойчы пайшоў у лес на паляванне малады вільчак. У дрымучай пушчы з векавымі дрэвамі ён хутка заблудзіўся і выбрацца адтуль ужо было немагчыма. Перад тым стаміўшымся і знясіленым вільчаком раптам, як наяве, маладзіца-прыгажуня з’явілася ў вобразе Маці Божай. Яна і сілы прыдала малайцу, і месца падсказала, дзе крынічка з зямелькі прабіцца не можа, дапамагчы б ёй патрэбна. Месца ж гэтае прыхарашыць пажадала. І загадала, каб ваду тую святую пілі толькі людзі, а не жывёліна ўсялякая. Яшчэ было сказана малайцу-вільчаку, што ад крынічкі гэтай шлях прамы ляжыць да яго Вільчыц.

І палілася ракой вада крынічная, а малады вільчак хутка шлях знайшоў да сваёй вёскі. Ваду ж тую празрыстую піць пачалі звяры лясныя ды коні свойскія. Таму і памялела рэчанька, засталася толькі крынічанька ў лесе пад Магілёвам, дзе Днепр магутны нясе свае воды ў Чорнае мора.

  • Вильчицы [Текст] // Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск, 1974. – С. 51.
  • Хобараў, М.. Вільчакі захоўваюць спадчыну [Тэкст] / М. Хобараў // Могилёвские ведомости. – 2002. – 19 марта. – С. 5.