Гуслішча (Гуслище)
Назва ўтворана ад асновы гуслі – старажытны музычны інструмент.
Некалі людзі дружна жылі, весела, не тое што зараз. Духам не падалі, калі якое гора здаралася, імкнуліся як мага хутчэй перажыць усе, забыцца пра злыбеду і зноў пачаць спяваць звонкія песні пр счаслівую долю.
І вось жыў тут адзін чалавек. Заможны гаспадар быў, ніякіх турбот ніколі не ведаў, па пяць-шесць работнікаў кожны год трымаў, а ўжо пра ўсялякую там птушку ды жывеліну, то і гаварыць не даводзілася – гэтага ўсяго меў мноства. Звалі яго Нупрэй. Быў ен адзіным сынам у бацькоў, таму калі ажаніўся, усе, нажытае старымі, перайшло да яго. Увішны і кемлівы гаспадар, ен праз пару гадоў патроіў той здабытак. У жонкі сабе Нупрэй выбраў такую прыгажуню, якой, можа, ва ўсім свеце болей нельга было знайсці. Ведама ж, не кожны мог падысці да яе і далека не за кожнага яе аддалі б. Але ў Нупрэя было многа грошай, і яны зрабілі сваю справу. Прывеў малады муж жонку дамоў і кажа:
– Ты ў мяне, каханенькая, толькі за парадкам сачыць будзешь, болей нічога рабіць не дазволю.
– Чаму гэта? – здзівілася маладзіца.
– Есць каму рабіць.
– Але ж … Людзі будуць …
– Што людзі?..
– Гаварыць пачнуць, што я лайдачка, што нічога рабіць не хачу, што нічога не ўмею…
– Кінь дурное, родненькая. Людзі будуць гаварыць тое, што я захачу ці скажу ім, каб казалі.
– Ты так думаеш?
– Я ў гэтым перакананы.
– Не прывыкла я ў таткі да такога.
– То цяпер прывыкай. І няхай цябе гэта не хвалюе.
– Як ты, Нупрэйка, скажаш, так і буду рабіць, насуперак цябе ніколі не пайду.
– Вось гэта зусім іншая гамонка, вось гэта мне даспадобы…
Сталі яны жыць, і Нупрэй яшчэ болей узбагаціўся. Шанцавала яму так, што ў любой справе, нават самай дробязнай, вялікі прыбытак меў. Дзівіліся людзі, а гаспадар у адказ толькі пасмейваўся:
– Працаваць трэба лепей.
– Ды мы і так амаль не спім, начамі працуем…
– Насамі спаць трэба, а працаваць – з галавой, іначай нічога добрага не атрымаецца.
– У нас пакуль што і так нічога добрага не атрымліваецца. Добра табе – ходзіш, вучыш, а ўсе парабкі робяць…
– Заводзьце і вы сабе парабкаў, хто не дае. Ці, можа, нехта не дазваляе?
Сяляне разумелі, што далей гаворка пойдзе ў адным накірунку, што Нупрэй будзе з іх смяяцца, называць абібокамі ды лайдакамі, таму, пераглянуўшыся, разыходіліся па хатам, каб не слухаць несправядлівых абвінавачванняў.
А Нупрэй усе багацей. Ужо меў каля дзесятка свірнаў, куды ссыпаў толькі збожжа, і яшчэ колькі гумнаў ды хлявоў. Хаціну сабе адляскаў такую, што, можа, і самы багаты пан не здолеў бы пабудаваць – грошай не хапіла б. А ён заплаціў майстрам палову перад пачаткам будоўлі і паабяцаў у тры разы болей, калі падобнага на яго дом не будзе ў наваколлі.
Майстры паабяцалі – і зрабілі. Нупрэй таксама стрымаў слова.
Усё, здавалася, добра ў гаспадара, усяго ставала, толькі не шанцавала ў адным – не было дзяцей. Да якіх толькі варажбітоў ні вазіў Нупрэй сваю прыгажуню – ніхто не мог дапамагчы. Ужо і рукі ў чалавека апусціліся. Ведама ж, навошта жыць, калі нашчадкаў няма, куды потым усе гэтае багацце дзець? Нехта падказаў яму, што ў далёкім мястэчку жыве стары дзед. Калі і ён не дапаможа, то наканавана лёсам, мабыць, Нупрэю не дачакацца дзетак, не пачуць іхняга звонкага смеху.
Паімчаў гаспадар да таго старога. Заехаў ажно на трэці дзень, пад вечар, знайшоў таго дзеда і кінуўся да яго ў ногі:
– Дапамажы, чалавеча, то азалачу. Колькі скажаш, столькі і атрымаеш, у мяне ўсяго хапае…
– А пра што ты просіш, гаспадар? – азваўся старэча.
– Бяда у мяне вялікая… 3 жонкай жыву, а дзетак не маю…
– Так, чалавеча, гэта бяда, і вялікая. Якая ж яна жытка без дзяцей?..
– Вось гэта мяне і мучыць.
– Зараз, чалавеча, не спяшайся… Я на ваду пагляджу, тады скажу, што да чаго…
Выйшаў дзед з хаціны, а хвілін праз колькі зайшоў і ўсміхаецца.
– Едзь, гаспадарыку, дамоў. Усе ў цябе будзе ў парадку, а наступнай вясной твая жонка дачушку народіць…
– Што ты, дзедку, за гэта хочаш?
– Нічога, акрамя аднаго: калі падрасце, то не перашкаджай ёй ісці замуж за таго, за каго захоча. На гэта не наша воля…
– Добра, – пачулася ўжо з двара, бо Нупрэй спяшаўся дамоў, каб узрадаваць жонку.
Усё так і атрымалася, як прадказаў той стары. Вясной гаспадыня нарадзіла дачушку. Вырасла яна прыгожай, як сонейка. Радаваўся Нупрэй, што дачка такая непаўторная. Жаніхі вакол яе віліся, як мухі, але дзяўчына толькі адмахвалася:
– Рана мне яшчэ. Рана пра замужжа думаць. Нупрэй жа вырашыў аддаць яе за багатага князя. Чаго разменьвацца на нейкіх там беднякоў? Забыўся пра абяцанне старому варажбіту. Калі сказаў пра свае рашэнне дачцэ, то тая заўпарцілася:
– Не пайду за таго, за каго аддаць хочаш!
– А за каго пойдзеш?
Калі дачка адказала, то ў Нупрэя і дух перахапіла:
– За гэтага галадранца?
– За яго!
– Не дазволю!
– Не дазволіш – то збягу! – не паддавалася і дзяўчына.
Ноччу Нупрэю прысніўся стары варажбіт, які пагрозліва махаў яму кулаком: «Ты мне што абяцаў?» Спалохаўся ён і аддаў дачку за таго хлопца, за якога яна хацела. Але свой нораў усе ж паказаў:
– Пасагу табе не дам. Няма чаго. Няхай табе твой гуслішча на хлеб зарабляе! (Той хлопец на гуслях вельмі хораша іграў.)
Дачка таксама паказала характар:
– А нам нічога і не трэба, самі пражывём.
Кажуць, што і на самай справе яны вельмі добра жылі, душа ў душу. І не горай, чым яе бацька Нупрэй, бо заўсёды людзям дапамагалі. А поле, якое апрацоўвалі, назвалі Гуслішчам. Пазней там вёсачка невялічкая стала, якая з цягам гадоў разраслася.
- Гуслище [Текст] // Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск, 1974. – С. 90.
- Гуслище [Текст] : [легенда о деревне] // Зямля і людзі. – 2005. – 26 студзеня. – С. 14.
- Гуслішча [Тэкст] // Магілёўшчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / складанне, запіс і апрацоўка А. М. Ненадаўца. – Мінск, 2002. – С. 12 – 20.