In

Дубінка

Дубінка (Дубинка)

Некалі тут у нас войны вельмі часта адбываліся. Не паспеюць адны ворагі сысці, ці прагоняць іх, як другія пачынаюць рабаваць нашу зямлю. Дзе ж тут спакойна жыць людзям, дзе ж тут працаваць, калі толькі і думает пра тое, як выжыць. Кожны пасвойму ратаваўся: хто ўцякаў у чыстае поле, дзе ворагаў не было, хто ішоў у княжацкую дружыну, бо спадзяваўся, што калі ў дружыне і наканавана загінуць, то толькі ў лютай сечы, а так — райскае жыццё, ясі і п’еш за кошт князя ды ягоныя загады выконваеш, і няма болей над табой ніякага прымусу.

Так і жылі, так і ратаваліся. Былі, праўда, людзі, якія абіралі зусім іншы шлях, – зашывался-хаваліся ў глухія лясы, у такую гушчэчу, у такі першастваральны край, што месяц ісці будзеш – ніводнага чалавека не сустрэнеш. Не было каго тут людзям баяцца, акрамя дзікіх звяроў ды стыхій: то пажар які ад маланкі ўсходзіцца, то голад прымусіць тужэй паясы зацягнуць.

Вось уцякла неяк купка людзей ад чарговых рабаўнікоў. Выскачылі вяскоўцы толькі ў тым, што на іх было, ніякіх прылад працы не захапілі, ніякай вопраткі, жывёлы. Нехта было запрапанаваў:

– Давайце які дзень перасядзім у лесе ды назад вернемся.

Вяскоўцы маўчалі. Можа, думалі, а можа, яшчэ не адышлі ад перажыванняў і страху. 
– Што вы маўчыце? Так злякаліся, што і мову адняло? 
– Ат, адчапіся, – адмахнуўся за ўсіх стары дзядулька, які, нягледзячы на старасць, так джгануў, калі адчуў небяспеку, што і маладыя яго дагнаць не здолелі.

Людзі сядзелі, некаторыя ляжалі, бедалагі-дзеці, якім разам з дарослымі даводзілася пераносіць усе гэтыя беды, маўчаі, нават немаўляты, і тыя, нібы разумеючы, не плакалі. Той, што прапаноўваў вярнуцца, усе круціўся, не знаходзіў сабе месца. Потым усхапіўся: 
– Вы сабе як хочаце, а я…

Тут яго перабілі: 
– Ідзі, ідзі, калі не баішся страціць галаву. 
– А можа, у яго другая ў хуткім часе адрасце? 
– Ён скача, бо сям’і не мае, за сябе толькі адказвае. Калі б яму, як і нам, сям’ю на плечы, калі б ён не толькі пра сябе думаў, а і пра тое, як жонку ды дзетак выратаваць, то больш стрыманым быў бы.

Нецярплівы вясковец сціх, але неўзабаве зноў прагучаў яго голас: 
– Чаго вы так баіцеся?
– Не баімся, а сцеражомся.
– Чаго?
– Мы вернемся, а яны недзе толькі і чакаюць такога моманту.
– Няўжо яны будуць сядзець на адным месцы?

– I такое не выключана. Яны ж бачылі, як мы ўцякалі, таму ведаюць, што недзе непадалёку хаваемся. У лес не палезуць, бо дарогі не ведаюць. Будуць сядзець і чакаць, нічога іншага ім не застаецца.
– А калі не?
– Трэба праверыць, проста так лезці нельга.
– Ведама што. Напорамся на чужакоў – і развітвайся з жыццём.
– У нашым становішчы не гэта самае страшнае. Яны ж нікога не пашкадуюць – ні старых, ні малых, ні жанчын. Павыб’юць. 

– Павыб’юць… Самі ведаеце, у якіх пакутах у такіх выпадках даводзіцца паміраць. Яны ж нас катаваць стануць, здзекавацца…

– Так…

– Вось, бачыце, і разабраліся. 
– То, можа, схадзіць ды праверыць? — стрымана прапанавау той вясковец, які перад гэтым заклікаў вяртаццца ў свае хаты. 
– Схадзіць можна… 
– То я і схаджу. 
– Аднаму не з рукі. 
– Чаму?
– Мала што… Вазьмі яшчэ каго, і ідзіце. Толькі сцеражыцеся, бо адзін раз ужо з лап смерці вырваліся, другі раз можа і не пашанцаваць.

Разведчыкі пайшлі, астатнія засталіся чакаць іх.

Час ішоў, а людзей усе не было. Вяскоўцы пачаі хвалявацца. А раптам з імі нешта здарылася ці за імі па следзе ідуць ворагі? Таму вырашылі перабрацца крыху бок, а за гэтай палянкай назіраць.

Прайшло яшчэ даволі многа часу.

Нешта тут не тое, — трывожна перамаўляліся сяляне.

Ужо збіраліся ісці далей, нават накірунак выбралі, але тут пачуўся дамоўлены знак — крык птушкі. Усхапіліся: 
– Дзе гэта яны? 
– Ды вунь ідуць. 
– Жывыя вяртаюцца…

Разведчыкі паведамілі, што і сапраўды ў паселішчы засада і чужынцаў даволі многа, што яны і не збіраюцца нікуды ісці.
– Значыцца, пойдзем мы?..
– Так, бо тут надалей заставацца небяспечна.

Вяскоўцы пасунуліся ў глыб пушчы. Ішлі доўга. Адпачывалі, начавалі, лавілі птушак ці, часам, калі шанцавала, забівалі якога звера і зноў ішлі.Імкнуліся зайсіці ў такую глуш, дзе іх ніхто не знайшоў бы.

Нарэшце выбіліся на бераг нейкай лясной рачулкі, якая гулліва журчала сваей сцюдзёнай вадзіцай і нібыта запрашала застацца менавіта тут. Напіліся сяляне і селі.
– Ну што, можа, тут застанемся?.. — запытаўся нехта.
– Месца прыдатнае. Можна заставацца.
– То станем тут будавацца?
– Трэба будавацца, зіма не за гарамі. Але ў нас жа ні сякеры, ні пілы ніякай няма…
– Неяк будзем выкручвацца…
– I бараніцца нечым трэба, голымі рукамі і супраць дзіка не пойдзеш…

Тут прарваўся звонкі голас:
– Я навучу вас рабіць баявыя дубінкі. Яны вельмі зручныя, і рабіць іх няцяжка.
– А як?
– Трэба ў малады дубочак, у надрэзы на яго кары, пакласці каменьчыкі. Кара зацягнецца – і грозная зброя гатова.

Так і жылі людзі. На той палянцы, дзе некалі раслі дубкі, з якіх рабілі зброю, засталося адно дрэўца, якое стала магутным дубам. Ад яго і назва – Дубінка.

  • Дубінка [Тэкст] // Магілёўшчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / складанне, запіс і апрацоўка А. М. Ненадаўца. – Мінск, 2002. – С. 17 – 20.