8 мая ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы-клубе да Дня Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь была падрыхтавана кніжная выстаўка-агляд “Дзяржаўныя сімвалы маёй краіны”. На якой можна ўбачыць выданні пра гісторыю сімвалаў нашай незалежнай дзяржавы, пра іх значэнне для кожнага беларуса.
15 мая ў Махаўскай сельскай бібліятэцы для юных выхаванцаў дзіцячага сада быў арганізаваны тэатр на стале па казцы “Страшная казка” да 115-годдзя з дня нараджэння выдатнага дзеяча культуры, паэта, празаіка, драматурга, крытыка і перакладчыка Васіля Віткі. Дзеці з захапленнем сачылі за падзеямі, якія разгортваюцца, а пасля прагляду актыўна дзяліліся ўражаннямі, абмяркоўваючы пачутае. Затым кожны змог праявіць сваю фантазію, намаляваўшы любімых герояў казкі. Такія заняткі не толькі дораць дзецям радасць і знаёмяць іх з багатай літаратурнай спадчынай, але і дапамагаюць ім вучыцца развіваць уяўленне, творчае мысленне, узбагачаць слоўнікавы запас і фарміраваць любоў да роднай мовы і культуры.
15 мая ў Раманавіцкай сельскай бібліятэцы для навучэнцаў малодшых класаў было праведзена літаратурнае падарожжа “Жыццё і творчасць Васіля Віткі” да 115-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта Васіля Віткі. Бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з жыццёвым шляхам і творчасцю Васіля Віткі. Расказала, што Васіль Вітка пісаў шмат вершаў і казак, якія дапамагаюць чалавеку стаць больш добрым і ўважлівым. Разам з дзецьмі ўслых пачыталі вершы і казкі пісьменніка. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава “Сонечны казачнік”.
15 мая ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы-клубе да 115-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта Васіля Віткі быў падрыхтаваны біяграфічны буклет і аформлена кніжная выстаўка-агляд “Знаўца дзіцячых душ Васіль Вітка”. Васіль Вітка ў сваіх вершах адлюстроўвае ўсю прыгажосць роднай зямлі, паказвае сваю сувязь з душой народа. А яго ўнёсак у беларускую дзіцячую літаратуру вельмі вялікі і каштоўны. Менавіта Васіль Вітка быў стваральнікам і першым рэдактарам вядомага беларускага часопіса для дзяцей “Вясёлка”.
22 мая ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы-клубе была аформлена кніжная выстаўка-агляд “Шляхі жыцця Фелікса Шкірманкова” і падрыхтаваны біяграфічны буклет да 100-годдзю з дня нараджэння магілёўскага пісьменніка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фелікса Уладзіміравіча Шкірманкова. Жыццёвы шлях пісьменніка пачаўся 27 мая 1926 года, а скончыўся 4 студзеня 2021 года. Фелікс Уладзіміравіч прайшоў ваеннымі дарогамі ў знішчальным батальёне, партызанскім атрадзе, у франтавой разведцы – і ордэны Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, медалі “За адвагу”, “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” заззялі на яго гімнасцёрцы. А потым была шматгадовая праца геолагам на Калыме, вяртанне на радзіму ў Слаўгарад – і вялікае імкненне сказаць сваё непаўторнае слова ў літаратуры. Пісаліся вершы, проза, успаміны, якія паклаліся на старонкі кніг, якіх было больш за 20.
29 мая на адкрытай пляцоўцы супрацоўнікі Махаўскай сельскай бібліятэцы і культурна-спартыўнага цэнтра напярэдадні Дня святой Тройцы правялі фальклорную гадзіну “Зялёныя святкі” у рамках праекта “Бабуліна казка на падушках”. Бібліятэкар падзялілася з прысутнымі цікавымі звесткамі пра гісторыю і звычаі святкавання Тройцы, а таксама распавяла пра народныя прымаўкі, прыказках і прыметах, якія суправаджаюць гэты светлы дзень. Удзельнікі мерапрыемства з задавальненнем уключыліся ў інтэрактыўную праграму: адгадвалі загадкі, стваралі вянкі, вадзілі традыцыйны карагод і ўдзельнічалі ў народных гульнях. Кульмінацыяй свята стала ўпрыгожванне бярозкі рознакаляровымі стужачкамі, што з’яўляецца даўняй і прыгожай традыцыяй. Мерапрыемства, атрымалася па-сапраўднаму цёплым и светлым.











































