5 студзеня ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная імпрэза “Беларускай душы матыў”, прысвечаная 60-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Міколы Шабовіча. Бібліятэкар расказала аб жыцці і творчасці юбіляра, які спалучае ў сваёй асобе паэта, перакладчыка, навукоўца і педагога. Прысутныя азнаёміліся з падрыхтаванай кніжнай выставай, дзе сваё пачэснае месца занялі кнігі з аўтографамі М.Шабовіча. У выкананні чытачоў бібліятэкі А.Куляшовай, В.Крэсавай, А.Кавалёвай і В.Мураўёвай прагучалі вершы паэта.
Дырэктар Брылёўскага СДК Мікалай Яцкоў рассказаў аб сяброўстве з Міколам Шабовічам, на вершы якога ён напісаў амаль трыццаць песен. Прысутныя паслухалі некалькі песен у аўтарскім выкананні. А потым М.Яцкоў прапанаваў патэлефанаваць М.Шабовічу — і праз паўхвіліны пачуўся голас паэта, які падзякаваў за віншаванні з юбілеем, пажадаў усім прысутным шанаваць родную мілагучную беларускую мову і прачытаў свой новы лірычны верш, які быў сустрэты ўдзячнымі апладысментамі ўдзельнікаў вечарыны.
12 студзеня ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна літаратурнага партрэта “Пра час і сябе”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка Васіля Хомчанкі. Бібліятэкар Ю.Яцкова і дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры М.Яцкоў паведамілі аб цяжкім жыцці і творчасці пісьменніка, прадставілі кнігі В.Хомчанкі як для дзяцей, так і для дарослых. Некалькі ягоных апавяданняў прачыталі А.Куляшова, А.Шыпіцын, А.Кавалёва.
16 студзеня ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна “Сябра і настаўнік юных”, прысвечаная 115-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Алеся Якімовіча.
Бібліятэкар адзначыла, што Алесь Іванавіч Якімовіч зрабіў найвялікі ўнёсак у развіццё і станаўленне беларускай літаратуры для дзяцей, стаяў ля вытокаў стварэння ў 1924 г. часопіса “Бярозка”. Дыректар Брылёўскага сельскага Дома культуры М.Яцкоў больш падрабязна спыніўся на дзяцінстве А.Якімовіча. Падрабязна было расказана і аб кнігах юбіляра, а пасля юныя ўдзельнікі сустрэчы А.Шыпіцын, М.Меляшкоў, А.Кавалева, А.Сіманькоў, А.Дайнека, Я.Бірукоў, С.Сіманькоў прачыталі вершы і казкі Алеся Якімовіча.
23 студзеня ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна “Пра час, асобу і народ”, прысвечаная 55-годдзю вядомага беларускага пісьменніка Андрэя Федарэнкі. Бібліятэкар расказала пра жыццёвыя вехі і творчы лёс юбіляра, ураджэнца Гомельшчыны, і адзначыла, што наша літаратура атрымала ў асобе Андрэя Федарэнкі новае маладое дыханне, якое вельмі сугучнае тому высокаму ўзроўню, на які ўзнеслі беларускае прыгожае пісьменства больш старэйшыя літаратары. Андрэй Федарэнка заўсёды добра адчувае сябе ў розных жанрах – ад дзіцячай казкі да гістарычных і фантастычных аповедаў.
У выкананні Аліны Кавалевай, Аляксандры Івановай, Андрэя Шыпіцына і Аліны Куляшовай прагучалі творы Андрэя Федарэнкі.
Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры Мікалай Яцкоў расказаў аб шматлікіх літаратурных узнагародах Андрэя Міхайлавіча і аб сваіх сустрэчах з гэтым вельмі сціплым, адкрытым і ветлівым чалавекам.
Прысутныя з вялікай цікавасцю пазнаёміліся з падрыхтаванай кніжнай выставай і з аўтографамі А.Федарэнкі для чытачоў Брылёўскай бібліятэкі.