In

Грыбаны

Грыбаны (Грибаны)

Назва ўтворана ад асновы «грыб».

… Хадзіў некалі Бог з найпершым сваім апосталам Пятром па зямлі. Гэта цяпер сцвярджаюць, што Усявышні на сёмым небе сядзіць, а тады казалі, што ён сярод людзей жыве, ператвараецца ў абыкаго можа, але найбольш у старога, ссівелага дзядульку. Крочыць сабе, прыглядаецца, а вяскоўцы і не здагадваюцца, хто гэта такі. Толькі вопытны, спрактыкаваны чалавек мог убачыць у той асобе Усявышняга ды пачынаў аддаваць яму пашану. Тады Бог казаў:

– Працуй, чалавеча, працуй, няма чаго табе перада мной паклоны біць.

– Чаму? – дзівіўся той.

– Не люблю я, братка, гэтага. Хачу, каб усё па-простаму было. Навошта мне такая пыха?

– Як сабе хочаш, – адказваў чалавек, – але калі я пару разоў табе і пакланюся, то карона з мяне не спадзе.

– Жартуеш?

– І жартую, і па другой нагодзе – няма яе ў мяне. Зарагочуць ужо абодва, і Усявышні пераводзіў гаворку на іншае:

– А як у гаспадарцы справы? Збожжа расце?

– Нішто сабе…

– Жывёла добра множыцца?

– Так.

– З усёй працай сам упраўляешся?

Дзе сам, а дзе і жонка з дзецьмі на дапамогу прыходзяць. Ад людзей не адстаю, і ніхто не смяецца, што лайдачу ці не жадаю на ўласнай ніве шчыраваць.

– Малайчына, А што б ты хацеў атрымаць у бліжэйшыя дні?

– У бліжэйшыя дні?.. Зараз падумаю.

Чалавек задумваўся, а Усявышні з Пятром стаялі поруч, чакалі,

– Гатоў. Хачу я, Божа, каб увесь гэты тыдзень надвор’е стаяла сухое, з ветрыкам, з сонейкам. Каб не паліла, а сушыла, бо сам бачыш, як усё навокал цяпла просіць.

– Так.

– І яшчэ, калі можна…

– Ведама ж, можна.

– Каб у мяне здароўе не пахіснулася ды ў жонкі з дзецьмі добрае было, каб не хварэлі.

– І усё? – пытаўся Усявышні.

– Не.

– Дык прасі не маўчы.

– Хачу, Божа, каб і ў суседзяў маіх добра атрымлівалася, каб і яны нястачы ды гора не ведалі, каб жыццю цешыліся.

– Усё?

– Ага.

– Ну ты і дурында! – вымавіў нечакана Пятро.

– Чаму гэта?

– Багацця прасіў бы, палацаў высокіх ды светлых, а не надвор’я добрага на тыдзень.

– І гэта ж добра, – азваўся чалавек.

– Ды яшчэ, каб у суседзяў усё гладка атрымлівалася, – не здаваўся Пятро. – Не мог сабе чаго папрасіць.

– Я і папрасіў.

– Хіба я не чуў, ці мне вушы, а розум заклала, – з крыўдай прамовіў чалавек. Ён жа не ведаў, што гэта за ганарыстая асоба ля Бога пастаянна круціцца. – Хіба толькі ў тым радасць, што табе добра?

– Але ж і не ў тым, што ты прасіў.

– А мне здаецца, менавіта ў тым. Я працую на зямлі. Збожжа сею, праполваю, потым з яго мая гаспадыня выпякае хлеб. Сам наемся, родныя мае не галодныя…

– Во, во, табе б толькі пуза набіць, а пра іншае ты і не думаеш, – упікнуў Пятро.

– Ведама. Я ж і надвор’я добрага папрасіў, бо без яго ў такой важнай справе, як мая, не абыдзешся.

– Канешне. Дзе табе паляжаць, трэба ж па ніве лазіць…

– Не, хапае ў мяне часу і адпачыць, і з дзецьмі пабыць, і з людзьмі пагаманіць, чарку-другую з імі ўзяць. Так і жыву.

– Хіба гэта жыццё? – зноў узвысіў голас Пятро.

– Яно самае, – відаць, занадта спакойна адказаў чалавек, бо Пятра ажно перасмыкнула.

– Хіба ты сапраўднае жыццё бачыў?! Дзе ты яго мог пабачыць?! Сядзіш на адным месцы і далей свайго падворка не бываў ніколі!

– А чаго я ў той далечы не бачыў?

– Паглядзеў бы, як іншыя жывуць…

– Мабыць, тыя, хто працуе сумленна, то так, як і я, разважаюць, а…

– Што? – узвіўся Пятро.

– А той, хто працаваць не хоча, гнуцца-гарбаціцца на зямлі не жадае, той ходзіць па зямлі ды людзей падвучае, каб багацця ў Бога прасілі. Для мяне самае галоўнае багацце – каб родныя ды блізкія здаровыя былі, бо гэтага не прыдбаеш…

– Пятро не ведаў, што і адказаць, толькі хапаў паветра шырока адкрытым ротам. Але тут умяшаўся ў гамонку Усявышні і сапсаваў свайму сябруку ўсю справу:

– Ну што, атрымаў? Чаго на чалавека накінуўся? Думаў, што ўсе толькі выгоды ўсялякія шукаюць?

Пятро здзіўлена адвярнуўся ад Усявышняга. Не чакаў ён, што той падтрымае простага селяніна. Але Бог таксама разышоўся:

– Вечна ты не ў сваю справу ўсунешся. Чаго да чалавека прычапіўся?

– Ды я ж…

– Апраўдвацца ты ўмееш – гэта я добра ведаю, языком бы з раніцы да вечара мянташыў. А вось каб давялося табе пагнуцца, як яму, то зведаўбы, што да чаго на самай справе. Лезеш… Няма табе апраўдання. Ідзі адсюль , я цябе даганю.

Пятро, задаволены тым, што так лёгка выкруціўся, паджгаў па сцяжынцы, толькі парэпаныя пяткі замільгацелі на сонцы.

Бог павярнуўся да чалавека:

– Ты прабач, што ён на цябе наляцеў. Часам з ім такое здараецца.

– Мне не прызвычайваецца, пастаянна хто – небудзь ды наскочыць.

– Малайчына, Хораша ты прасіў і аргументавана даказваў Пятру. Будзе табе здароўе і галоўнае – добрае надвор’е. Гэта я табе зраблю.

Сказаў так і, развітаўшыся, пайшоў даганяць Пятра.

Пятро ж таксама не дурань быў. Не мог ён дараваць чалавеку смеласці, з якой той трымаўся. Азірнуўся па баках, убачыў, што Бог далекавата, адшчыпнуў кавалачак хлеба ад лусты, пажаваў яго і са словамі “Каб жа хлеб твой быў грыбаны!” выплюнуў у збожжа, якое густа каласіла абапал сцяжынкі.

З таго часу ў гэтай мясцовасці ў жыце сталі расці нейкія белыя грыбы. На ўраджай яны не ўплывалі, але выклікалі ў гаспадароў агіду. Вось адкуль паўшлі нашы Грыбаны.

  • Грибаны [Текст] // Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск, 1974. – С. 85.
  • Грыбаны [Тэкст] // Магілёўшчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / складанне, запіс і апрацоўка А. М. Ненадаўца. – Мінск, 2002. – С. 9 – 12.