In

Літаратурны марафон

У бібліятэках ДУК «Магілёўская раённая сетка публічных бібліятэк» рэалізуецца праект літаратурнага марафону творчых сустрэч з пісьменнікамі і паэтамі Магілёўшчыны «І будзе слова землякоў гучаць над роднаю старонкай».

Мэта праекта: Захаванне і развіццё культурных традыцый Магілёўшчыны, адраджэнне цікавасці да паэзіі і прозы ў шырокіх пластах насельніцтва, папулярызацыя высакаякаснай літаратуры, якая выхоўвае маральнасць, грамадзянскасць, патрыятызм і любоў да роднага краю.

Задачы праекта:

  • папаўненне фондаў бібліятэк сеткі кнігамі пісьменнікаў і паэтаў Магілёўшчыны;
  • арганізацыя творчых сустрэч з пісьменнікамі, паэтамі Магілёўшчыны;
  • знаёмства з жыццём і творчасцю пісьменнікаў і паэтаў Магілёўшчыны праз афармленне кніжных выстаў, выстаў-праглядаў, правядзенне Дэкады, прысвечанай творчасці пісьменнікаў-землякоў, літаратурных партрэтаў, літаратурна-музычных кампазіцый, паэтычных гадзін і інш.

Мерапрыемствы: 

6 студзеня ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная гадзіна “Паэт… І проста добры чалавек”, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Васіля Карпечанкі. Бібліятэкар пагартала старонкі жыцця юбіляра і адзначыла, што ён бачыў перадваенную калектывізацыю, прайшоў франтавымі дарогамі, а потым быў настаўнікам, працаваў у нашым Магілёўскім раёне і заўсёды пісаў добрыя вершы – пра Айчыну, родныя мясціны, каханне і людзей працы. Асаблівае натхненне валодала Васілём Карпечанкам, калі ён пісаў для самых маленькіх чытачоў – таму многія з гэтых твораў увайшлі ў дзіцячыя школьныя чытанкі і хрэстаматыі.

Дырэктар Брылёўскага СДК кампазітар-песеннік Мікалай Яцкоў расказаў аб сяброўстве і творчым супрацоўніцтве з Васілём Васільевічам, якое спрыяла стварэнню дванаццаці сумесных песен. Прысутныя пачулі, як з’явіўся на свет песеннік на вершы В.Карпечанкі “Толькі з табою” і як некаторыя з гэтых песен зрабіліся сапраўды народнымі.

На падрыхтаванай кніжнай выставе былі шырока прадстаўлены творы Васіля Карпечанкі. Вялікую цікавасць выклікалі кнігі з памятнымі аўтографамі паэта, а некаторыя з яго вершаў прагучалі ў выкананні чытачоў бібліятэкі А.Кавалевай, Д.Лыськовай і А. Шыпіцына. А потым усе дружна разгадвалі вершаваныя “Загадкі на Калядкі”, напісаныя дзедам Васілём.

Завяршыў сустрэчу невялікі канцэрт, на якім у выкананні Мікалая і Алы Яцковых прагучалі самыя вядомыя песні на вершы В.Карпечанкі.

8 студзеня ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна “Асэнсаваць розумам, але пісаць душой”, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага крытыка і літаратуразнаўца Яраслава Клімуця. Гэты чалавек прысвяціў сваё жыццё служэнню роднай мове, вывучэнню беларускай літаратуры і адкрыццю невядомых яе старонак.

Брылёўская бібліятэка ў гэты дзень гасцінна сустрэла Яраслава Іванавіча, які пазнаёміўся з кніжным фондам, звярнуў асаблівую ўвагу на калекцыю кніг з аўтографамі і наведаў музейна этнаграфічны пакой Брылёўскага сельскага Дома культуры. А потым усе прысутныя з вялікай цікавасцю слухалі аповед юбіляра пра пасляваеннае школьнае дзяцінства, пра першыя юнацкія паэтычныя крокі, пра вялікі шлях у літаратуру і пра сяброўства з вядомымі беларускімі пісьменнікамі.

Яраслаў Іванавіч чытаў свае вершаваныя радкі, а таксама вершы і эпіграмы сваіх любімых паэтаў, адказваў на пытанні прысутных, а потым прадставіў падрыхтаваную кніжную выставу, якую ўпрыгожылі яго творы з аўтографамі чытачам Брылёўскай бібліятэкі. Таксама кожны з прысутных атрымаў асабісты аўтограф ад юбіляра і магчымасць сфатаграфавацца з ім на ўспамін.

Завяршылася сустрэча на ўрачыстай ноце: дырэктар Брылёўскага СДК, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Мікалай Яцкоў зачытаў і ўручыў Яраславу Іванавічу Клімуцю віншаванне ад старшыні гэтай пісьменніцкай арганізацыі Барыса Пятровіча (Сачанкі), пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і новых творчых вышынь.

11 студзеня ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна “Саюз часу, мудрасці і майстэрства”, прысвечаная вядомаму беларускаму паэту і пісьменніку Міколу Аўрамчыку.

Бібліятэкар расказала пра яго жыццёвы шлях, адзначыла, што Мікола Аўрамчык пражыў доўгае жыццё, у якім былі і знаёмства з Янкам Купалам, і ваеннае ліхалецце, і пасляваеннае ўзнаўленне роднай краіны, вялікая праца ў літаратуры, у аддзеле паэзіі часопіса “Маладосць”. Далей дырэктар Брылёўскага СДК пісьменнік М.Яцкоў распавёў пра даваенны перыяд жыцця М.Аўрамчыка, калі ён толькі рабіў першыя крокі ў літаратуры.

Прысутныя пазнаёміліся з падрыхтаванай кніжнай выставай, якую ўпрыгожыў часопіс “Маладосць” за 1954 год з нізкай вершаў Міколы Аўрамчыка. У выкананні чытачоў бібліятэкі А.Кавалёвай, В.Мураўёвай, Д.Зайцава, В.Крэсавай і А.Шыпіцына прагучалі вершы юбіляра.

Напрыканцы сустрэчы адбыўся прагляд дакументальных відэафільмаў, прысвечаных творчасці патрыярха беларускай літаратуры, які, на жаль, не дажыў да свайго 100-годдзя.

29 студзеня ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна “Заглянуўшы ў душу стагоддзяў”, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта і празаіка Леаніда Дайнекі. Бібліятэкар Юлія Яцкова расказала пра жыццё пісьменніка і яго вялікі ўзлёт у беларускую літаратуру, аб яго кнігах, якія былі ўзнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя І.Мележа і Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя К.Каліноўскага.

Дырэктар Брылёўскага СДК – пісьменнік Мікалай Яцкоў распавёў пра сваё сяброўства і сустрэчы з Леанідам Мартынавічам, пра яго вялікую любоў да роднай Магілёўшчыны. На жаль, ён не дажыў да свайго юбілея, але добрая памяць пра гэтага цудоўнага чалавека жыве ў нашых сэрцах.

Прысутныя пазнаёміліся з падрыхтаванай кніжнай выставай, на якой амаль усе кнігі маюць дарчыя аўтографы Л.Дайнекі “Чытачам Брылёўскай бібліятэкі”. У выкананні Аліны Кавалёвай, Данііла Зайцава і Андрэя Шыпіцына прагучалі вершы паэта.

Напрыканцы сустрэчы адбыўся прагляд дакументальнага відэафільма “Вячка” – пра легендарнага полацкага князя, жыццё якога лягло на старонкі найвядомай кнігі Леаніда Дайнекі “Меч князя Вячкі”.

22 лютага бібліятэкар Брылёўскай сельскай бібліятэцы запрасіла жыхароў вёскі і сваіх чытачоў на гадзіну літаратурнага партрэта “Пясняр зямлі Хоцімскай”, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Пятра Прыходзькі (родам з Магілёўскай вобласці). Бібліятэкар Юлія Яцкова пазнаёміла прысутных з жыццёвымі шляхамі паэта з вёсцы Альшоў Хоцімскага раёна Магілеўскай вобласці, раскрыла тэматыку яго творчасці, азнаёміла з падрыхтаванай кніжнай выставай.

Потым знаёмства з паэтам праходзіла ў музейна-этнаграфічным пакоі Брылёўскага СДК, дзе дырэктар Мікалай Яцкоў расказаў аб сваіх сустрэчах з Пятром Фёдаравічам, аб творчай працы над сумеснымі песнямі.

Экспазіцыя да 100-годдзя П.Прыходзькі прадставіла ягоныя пісьмы і рукапісы песенных вершаў, а таксама чарнавікі нотных запісаў М.Яцкова, дзе можна ўбачыць, як нараджаліся мелодыі песен.

Напрыканцы мерапрыемства чыталіся вершы паэта і ішла размова пра паэзію, якая красамоўна адлюстроўвае наша шматплыннае жыццё.

25 лютага ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурна-музычная гадзіна “Я люблю цябе, Беларусь”, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння вядомай магілёўскай паэтэсы Валянціны Габрусевай. Бібліятэкар Юлія Яцкова расказала пра жыццёвы шлях нашай зямлячкі, які пачаўся 26 лютага 1950 года ў вёсцы Развадава Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. З юнацтва Валянціна імкнулася вершаванымі радкамі выказаць сваё захапленне жыццём, роднымі мясцінамі, і паступова творчыя набыткі пазначылі яе асабістае месца ў беларускай літаратуры.

Прысутныя азнаёміліся з падрыхтаванай кніжнай выставай, якую ўпрыгожылі рукапісы твораў В.Габрусевай. Некаторыя з вершаў юбіляра прагучалі ў выкананні чытачоў бібліятэкі А.Кавалёвай, Д.Зайцава, А.Івановай, З.Марозава, Л.Поршневай і А.Шыпіцына.

Дырэктар Брылёўскага СДК кампазітар Мікалай Яцкоў расказаў пра сваё сяброўства з Валянцінай Фёдараўнай і пра творчае супрацоўніцтва, у выніку якога з’явілася амаль трыццаць сумесных песен, якія спяваюцца далёка за межамі Магілёўшчыны.

У выкананні М.Яцкова прагучалі некалькі песен, і удзельнікі сустрэчы не толькі ўважліва слухалі, але і дружна падпявалі.

Напрыканцы сустрэчы адбылася тэлефонная размова з Валянцінай Габрусевай, якая падзякавала за віншаванні і выказала ўпэўненасць, што ў век высокіх тэхналогій і камп’ютараў наша цудоўная моладзь заўсёды будзе знаходзіць час, каб узяць у рукі добрую кнігу, увайсці ў свет прыгожага беларускага пісьменства і заставацца там як мага далей.

26 лютага ў бібліятэцы УА “Магілёўскі дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К.П.Арлоўскага» сабраліся навучэнцы, выкладчыкі, бібліятэкар каледжа, бібліятэкары Магілёўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы на творчую сустрэчу з паэтамі і пісьменнікамі Магілёўшчыны.

Сярод творчых людзей былі: паэт, старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – Казека Алесь Мікалаевіч; паэт-кампазітар, публіцыст, старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў – Яцкоў Мікалай Адамавіч; сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў – літаратуразнаўца, пісьменнік Клімуць Яраслаў Іванавіч і паэт, літаратурны крытык Украінка Сяргей Сяргеевіч.

Пачалося мерапрыемства з уступнага слова бібліятэкара каледжа І.АМакаранка і загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі А.М.Пятроўскай пра значэнне чытання ў жыцці маладога чалавека, пра багацце літаратуры паэтаў Магілёўшчыны, пра іх паэзію, далучэнне да якой дапаможа нам захаваць духоўныя каштоўнасці.

У ходзе сустрэчы прысутныя даведаліся пра цікавыя моманты з гісторыі жыцця кожнага паэта і пісьменніка. З вялікай зацікаўленнасцю ўсе слухалі творцаў, якія раскрылі таямніцы пісьменніцкага рамяства, пазнаёмілі з уласнымі вершамі і з іх тэматыкай, разважалі пра малую радзіму і адданасць сваёй краіне. Вершы гучалі розныя: лірычныя, патрыятычныя, гумарыстычныя. З задавальненнем навучэнцы ўспрымалі вершаваныя радкі пра каханне. Падчас размовы падымаліся праблемныя пытанні роднай мовы і паэзіі. Было адзначана, што многія вершы А.Казекі сталі песнямі ў творчым саюзе з кампазітарам М.Яцковым.

Напрыканцы мерапрыемства прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з кніжнай выставай «І будзе слова землякоў гучаць над роднаю старонкай».

Выдатны падарунак зрабілі паэты-землякі, якія перадалі ў фонд бібліятэкі каледжа: літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў”, літаратурны альманах “Брама”, паэму А.Казекі “Марыйка”, вершы С.Украінкі. У адказ госці атрымалі на памяць часопіс “День литературы: специальный выпуск к пленуму Союза писателей союзного государства России – Беларуси”, а ад супрацоўнікаў раённай бібліятэцы – памятныя падарункі.

Сустрэча выдалася цікавай і пазнавальнай, навучэнцы адкрылі для сябе цікавых і мудрых суразмоўцаў.

5 сакавіка ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна “Радкі, напоўненыя сонцам”, прысвечаная 105-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Васіля Матэвушава, уражэнца Магілёўскага раёна (вёска Княжыцы). Бібліятэкар Юлія Яцкова расказала пра тое, што Васіль з малалецтва прызвычаіўся чытаць, заўсёды імкнуўся да ведаў. І з першага верша, які быў надрукаваны ў 1930 г. у газеце “Піянер Беларусі”, пачаўся шлях Васіля Матэвушава ў беларускую літаратуру.

Падрыхтаваная кніжная выстава прадставіла творчасць В.Матэвушава. Спецыяльна да юбілею быў падрыхтаваны бібліяграфічны паказальнік “Радкі, напоўненыя сонцам”. Вершы паэта прагучалі ў выкананні чытачоў бібліятэкі А.Кавалёвай, У.Сідарава, А.Дубавой і А.Івановай.

Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры Мікалай Яцкоў адзначыў, што родная Васілю Іванавічу Матэвушаву княжыцкая зямля вельмі багатая на таленавітых людзей. З Княжыцаў і навакольных вёсак пайшлі ў жыццё Народны мастак Беларусі Павел Масленікаў, кінарэжысёр Іосіф Шульман, арганізатар партызанскага руху Ціхан Бумажкоў, вучоны-атамшчык Маттэс Агрэст, міністр асветы БССР Іван Ільюшын, акадэмік Уладзімір Камароў, военачальнік Васіль Мельнікаў.  І мы ганарымся нашымі славутымі землякамі.

Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя з задавальненнем праглядзелі відэафільм “Гісторыя з геаграфіяй. Княжыцы” (студыя “Беларусь-4. Магілёў”).

10 сакавіка ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна літаратурнага партрэта “Не шукай слядоў сваіх”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Аркадзя Марціновіча. Бібліятэкар Юлія Яцкова падрабязна расказала пра жыццё Аркадзя Марціновіча, якое пачалося 10 сакавіка 1920 года ў вёсцы Барбарова Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Падрыхтаваная кніжная выстава ахапіла ўсю творчасць юбіляра. Цікавасць выклікаў адзіны зборнік паэзіі А.Марціновіча “Чырвоныя ветразі” 1965 г., вершы з якога прагучалі ў выкананні чытачоў бібліятэкі Аліны Кавалевай, Ліліі Поршневай і Андрэя Шыпіцына.

Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры Мікалай Яцкоў распавёў пра малавядомыя факты ваеннага лёсу Аркадзя Марціновіча, пра яго подзвіг, за які атрымаў баявы ордэн Чырвонай Зоркі.

Напрыканцы сустрэчы адбылася гутарка, дзе ўсе прысутныя дзяліліся думкамі і меркаваннямі аб месцы літаратуры ў нашым жыцці, і аб тым вялікім унёску ў скарбонку беларускай нацыянальнай культуры, які рабілі і робяць нашы пісьменнікі-землякі.

Юлія Яцкова адзначыла, што ў бібліятэках Магілёўскага раёна рэалізуецца праект літаратурнага марафона “І будзе слова землякоў гучаць над роднаю старонкай”, у якім актыўны ўдзел прымае і Брылёўская бібліятэка.  І сёняшняе шанаванне памяці ураджэнца Магілёўшчыны, пісьменніка-франтавіка Аркадзя Нічыпаравіча Марціновіча з’яўляецца фрагментам прыгожай мазаікі гэтага цікавага і неабходнага ўсім нам праекта.

22 сакавіка споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я.Купалы, заслужанага работніка культуры БССР Аляксея Пысіна (ураджэнца вёскі Высокі Барок Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці).

Бібліятэкар Брылёўскай сельскай бібліятэкі Юлія Яцкова аформіла кніжную выставу “Ля вытокаў чалавечага жыцця” і падрыхтавала інфармацыйна-бібліяграфічны буклет, прысвечаны жыццю і творчасці нашага славутага земляка. Паведаміла, што імя Аляксея Пысіна прысвоена Палужскай сярэдняй школе Краснапольскага раёна, дзе створаны і прысвечаны яму музей. Прысутныя даведаліся і аб тым, што ў Магілёве на праспекце Міру, на доме 35-а, дзе жыў паэт, усталявана мемарыяльная дошка.

6 апреля к 100-летнему юбилею писателя-фантаста Айзека Азимова библиотекарь Брылевской сельской библиотеки Юлия Яцкова подготовила информационный буклет «Наш человек из будущего» и оформила книжную выставку «Есть многое на небе и земле», благодаря чему посетители библиотеки с интересом знакомятся с жизнью и творчеством нашего всемирно известного земляка (родился в 1920 году в местечке Петровичи Климовичского уезда Могилевской губернии и был назван Исааком в честь деда по матери).

14 красавіка споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння нашага земляка, таленавітага беларускага паэта Алеся Пруднікава, які ў сваіх творах без разваг развітваўся са старым гаротным сялянскім жыццём і з уздымам вітаў надыход новай савецкай індустрыяльнай эпохі. Да юбілею паэта біблітятэкар Брылёўскай сельскай бібліятэкі Юлія Яцкова падрыхтавала бібліяграфічны паказальнік “Зямныя зоры”, у якім найбольш поўна сабраны творы паэта, і аформіла тэматычную кніжную выставу, якая прыцягвае ўвагу наведвальнікаў бібліятэкі.

7 ліпеня ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурна-музычная гадзіна “Старонкі маёй напеў”, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Віктара Ракава (родам з в. Целяшы Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці). Бібліятэкар расказала аб жыцці паэта, засяродзіла ўвагу прысутных на яго творчасці, галоўнай тэмай якой стала любоў да роднай Магілёўшчыны. Да юбілею бібліятэкар падрыхтавала інфармацыйны буклет і аформіла кніжную выставу, дзе агульную цікавасць выклікаў зборнік паэзіі “І сноп, і птах, і я…” з аўтографам В.Ракава. Некалькі вершаў юбіляра прагучалі ў выкананні Дар’і Мусіячынай і Ліліі Поршневай.

Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры кампазітар Мікалай Яцкоў да юбілею В.А.Ракава падрыхтаваў тры песні на яго вершы – “Дарога да дому”, “Неданошаная кашуля” і “Скачуць ножкі босыя…”, якія і прагучалі ў аўтарскім выкананні.

25 ліпеня ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная гадзіна “Я спяшу на наш вясковы ўзгорак…”, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння выдатнага паэта, вучонага і педагога Уладзіміра Фаміна. Бібліятэкар Юлія Яцкова расказала пра жыццёвы шлях паэта, які пачаўся 20 мая 1935 г. у в.Старынка Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці, і пра творчыя набыткі Уладзіміра Фаміна, шматграннасць таленту якога дазволіла пакінуць адметны след у паэзіі, прозе, журналістыцы, філасофіі і педагогіцы. У нашага земляка былі вялікія планы на будучыню – да выдання рыхтаваліся новыя кнігі, была амаль завершана доктарская дысертацыя – але трагічная смерць у аўтакатастрофе 14 кастрычніка 1994 г. не дазволіла ажыццявіцца задуманаму.

Прысутныя пазнаёміліся з падрыхтаванай кніжнай выставай, якую ўпрыгожыў зборнік вершаў У.Фаміна “Падслухаў сэрца” з аўтографам паэта.

Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры Мікалай Яцкоў падзяліўся ўспамінамі пра вучобу ў Мінскім інстытуце культуры, калі дэканам бібліятэчнага факультэта працаваў Уладзімір Аўрамавіч Фамін, і прапанаваў паслухаць свае песні “Белы дожджык” і “Рукі маці” на вершы гэтага цікавага паэта. І над сцішаным бібліятэчным пакоем узляцела выразна-шчымлівае:

І сягоння, калі смутак горкі
Ці бяда мне сэрца скалане,
Я спяшу на наш вясковы ўзгорак —
Да матулі роднай, як раней...

Гучалі песні, чыталіся вершы і вялася размова пра тое, што магілёўская зямля вельмі багатая на таленты.

Вам может также понравиться...

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *