Шабовіч Мікола

Шабовіч Мікола Віктаравіч

Нарадзіўся 4 студзеня 1959 года, вёска Бадзені, Мядзельскі раён.

Беларускі паэт, паэт-перакладчык, філолаг і педагог. Кандыдат філалагічных навук (2004), дацэнт (2008).

Паэзія – лірычна-філасофская. Галоўная тэма творчасці – тэма кахання, светлае пачуццё да жанчыны. Напісаў шмат прачулых вершаваных твораў пра свой родны Мядзельскі край, яскравыя літаратурныя пародыі, эпіграмы і прысвячэнні сваім калегам па пяру, гумарыстычныя вершы. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1998). На вершы Міколы Шабовіча напісаны песні, якія выконвалі Ірына Дарафеева, Алеся Гайдук, Алег Цівуноў, Дзмітрый Мінько і інш. 

Прызнанне:

– Лаўрэат рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” за кнігу гумару “Хор болей не спявае” (2009 як лепшая кніга 2008 года) ў намінацыі “Сатыра і гумар”;

– Узнагароджаны медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру” (2014) і нагрудным знакам “За ўклад у развіццё БДПУ” (2014);.

– Аўтар слоў гімна Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (2014);

– Узнагароджаны памятным медалём “Паэт і воін Ігар Грыгор’еў” (1923 – 1996) паводле рашэння Фонда памяці паэта Ігара Грыгор’ева – за вялікі ўклад у захаванне і развіцце культуры, рускай славеснасці, традыцый патрыятычнага выхавання, а таксама за вывучэнне і папулярызацыю творчай спадчыны Ігара Грыгор’ева (у т.л. пераклады паэзіі Ігара Грыгор’ева на беларускую мову).

Шабовіч, Мікола. Хор болей не спявае [Тэкст] : пародыі, эпіграмы, прысвячэнні / Мікола Шабовіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. – 94 с.

Тэкст аўтографа: “Шаноўным чытачам Брылёўскай бібліятэкі з пажаданнямі радаснага лёсу, натхнення на кожны дзень. 01.09.2019”.

Зборнік “Хор болей не спявае” склалі самыя яркія літаратурныя пародыі Міколы Шабовіча на вершы сучасных паэтаў, а таксама эпіграмы і прысвячэнні.