Пашкевіч Алесь

Пашкевіч Алесь

(Аляксандр Аляксандравіч Пашкевіч)

Нарадзіўся 11 верасня 1972 года, в. Набушава, Слуцкі раён, Мінская вобласць

Беларускі паэт, празаік, літаратуразнаўца, публіцыст. Аўтар шэрагу літаратуразнаўчых манаграфій і публікацый у друку. Вершы і проза перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, літоўскую, балгарскую, англійскую і шведскую мовы. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Прызнанне:

– Дыпламант Міжнароднага Акадэмічнага Рэйтынгу папулярнасці “Залатая фартуна” (2008);

– Лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Валянціна Пікуля (з уручэннем залатога медаля) за гістарычную праўду ў рамане “Пляц волі” (2009);

– Узнагароджаны Прэзідэнтам Украіны ордэнам “За заслугі” (2008).

Пашкевіч, Алесь. Пляц волі [Тэкст] : рамандакумент /Алесь Пашкевіч. –   Мінск : Беллітфонд, 2001. – 414 с. – (Беларускі гістарычны раман).

Тэкст аўтографа: “Чытачам Брылёўскай бібліятэкі і Магілёўскага раёна – з сардэчным пажаданнем багацця, радасці і волі. 04.03.2017 г.”.

Раман прысвечаны старонкам беларускае гісторыі, якія неразрыўна звязаныя з імкненнямі да Вольнай Беларусі. Падзеі рамана адбываюцца ў пачатку ХХ стагоддзя, у часы станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Кнігу толькі напалову можна назваць мастацкай, бо яна напоўненая сапраўднымі дакументамі, артыкуламі, матэрыяламі пачатку мінулага стагоддзя, арганічна ўплеценымі ў сюжэтную канву твора. У канцы кнігі ў раздзеле “Прыпісы” можна знайсці спасылкі на ўсе крыніцы, выкарыстаныя ў творы.

Першая кніга гэтага рамана-дакумента распавядае пра спробы стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і змаганне за яе існаванне і функцыянаванне. Таксама шмат увагі надаецца Слуцкаму збройнаму чыну. Галоўным героем другой кнігі становіцца Кастусь Езавітаў. Кожная падзея, выказванне амаль кожнага палітычнага дзеяча ў рамане падмацоўваецца дакументам, што дадае кнізе большай важкасці.