Арлоў Уладзімір

Арлоў Уладзімір Аляксеевіч

Нарадзіўся 25 жніўня 1953 года, Полацк.

Беларускі празаік, паэт і гісторык. 

Прызнанне:

– Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі за кнігу “Добрыя дзень, мая Шыпшына” (1986);

– Медаль Францішка Скарыны “за ўклад у распрацоўку тэмы гістарычнага мінулага Беларусі ў літаратуры”(1991);

– Выдавецкая прэмія імя Ўладзімера Караткевіча (1993);

– Лаўрэат Літаратурнай прэміі Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра (1996);

– Прэмія Таварыства вольных літаратараў “Гліняны Вялес”за зборнік эсэ “Божая кароўка з Пятай авеню” (1998);

– “Еўрапейскі паэт свабоды” за кнігу вершаў “Паром праз Ла-Манш” (2010);

– Лаўрэат прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф” (2015);

– Лаўрэат прэміі Цёткі, за кнігу “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі” (2017);

– Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца за кнігу “Танцы над горадам” (2018);

– Медаль 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі 2019.

Арлоў, Уладзімір. Дзень, калі ўпала страла [Тэкст] : аповесці і апавяданні / Уладзімір Арлоў. –  Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 238, [2] с.

Тэкст аўтографа: “Маім дарагім чытачам зычу прыемных рандэву з музаю гісторыі Кліо. 06.06.2017”.

Кніга прысвечана гістарычнаму мінуламу беларускага народа. Сярод яе герояў – князь Уладзімір Полацкі, які ўзначальваў мужную барацьбу палачан з наступам крыжакоў, выдатны філосаф-атэіст XVII ст. Казімір Лышчынскі, вальнадумца Аляксандр Незабытоўскі, удзельнікі паўстання 1863 – 1864 гг., рэвалюцыянер-нарадаволец Ігнат Грынявіцкі і іншыя. Падзеі ў апавяданнях і аповесцях, што склалі кнігу, адбываюцца ў розныя эпохі, але яе герояў яднае пачуццё патрыятызму, клопат аб будучыні роднай зямлі, дзеля якой яны гатовыя ахвяраваць жыццём.

Арлоў, У. Добры дзень, мая Шыпшына : апавяданні, аповесць / Уладзімір Арлоў. –  Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. – 191 с. – (Першая кніга празаіка).

Тэкст аўтографа: “Маім дарагім чытачам з Брылёўскай бібліятэкі зычу кахання, шчасці і незалежнасці. 06.06.2018 г.”

Апавяданні, якія складаюць кнігу, напісаны пераважна пра нашых маладых сучаснікаў. Аўтар засяроджвае ўвагу на ўнутраным свеце сваіх герояў, паказвае спасціжэнне імі сапраўдных жыццёвых каштоўнасцей. Героі кнігі трапляюць у няпростыя жыццёвыя сітуацыі, трымаючы своеасаблівы экзамен на маральную сталасць. Галоўную тэму апавяданняў працягвае аповесць “I вярталіся мы…”.

Арлоў, Уладзімір. Рэквіем для бензапілы [Тэкст] : аповесці, апавяданні / Уладзімір Арлоў. –  Мінск : Мастацкая літаратура, 1998. – 238, [2] с.

Тэкст аўтографа: “Шаноўным чытачам Брылёўскай бібліятэкі з цвёрдай вераю ў тое, што рэквіему па нас яны не дачакаюцца. 04.03.2017”.

Кнігу прозы склалі аповесці і апавяданні на тэму сучаснасці. Змест выдання – асэнсаванне самога сябе і перажытага сабой. Мала хто так здолеў перадаць пачуцці да родных мясцінаў, багатых як падзеямі, так і асобамі, як палачанін Уладзімер Арлоў. Полацкія апавяданні – цыкл твораў, якія прысвечаныя Полацку, што жыве сёння, але адначасова таго які памёр. Памёр разам з нечалавечым “прагрэсам”. Аднак яшчэ не хоча паміраць ва ўспамінах яго жыхароў. Іншыя аповесці, што ўвайшлі ў зборнік распавядаюць пра самае інтымнае – жыццёвыя разважанні і перажыванні аўтара.

Арлоў, Уладзімір. Таямніцы полацкай гісторыі [Тэкст] / Уладзімір Арлоў. –  Мінск : Беларусь, 1994. – 463 с.

Тэкст аўтографа: “Маім дарагім чытачам з Брылёўскай бібліятэкі. 16.03.2017”.

Чытача чакае захапляльнае падарожжа ў полацкую даўніну. Аўтар цікава і дасціпна апавядае пра незалежнае Полацкае княства і лёс нацыянальнай рэліквіі – крыжа святой Еўфрасінні, пра дзейнасць у Полацку ордэна езуітаў і падзеі 1812 года, пра Полацкі кадэцкі корпус і выдатных людзей, якіх даў Беларусі і свету найстаражытнейшы горад нашай краіны.

Кніга адрасавана старшакласнікам і студэнтам, а таксама ўсім, хто імкнецца глыбей ведаць гісторыю Беларусі.